

Калі Вы хочаце
рэгулярна атрымліваць
MAkAsIN, калі ласка
паведамляйце нам на
hazeta@gmail.com

Папулярны паэт, перакладчык, бард, аўтар шматлікіх публікацый, удзельнік многіх песенных і паэтычных фестываляў. Нарадзіўся ў 1963 г. ў вёсцы Вялікія Нямкі, што на Веткаўшчыне. Захапленне паэзіяй прыйшло ў школьныя гады. У шостым класе ён напісаў свой першы верш. Скончыў гісторыка-філалагічнае аддзяленне Гомельскага дзяржаўнага універсітэта, аспірантуру Інстытута Літаратуры НАН Беларусі.
У1990 г. пераязджае на сталае месца жыхарства ў Мінск, дзе на працягу адзінаццаці гадоў (1990-2001 г.г.) працаваў загадчыкам філіяла Літаратурнага музея М. Багдановіча „Беларуская хатка”. З 2001 года Э. Акулін пераходзіць на працу загадчыка аддзела паэзіі часопіса „Полымя”. За апошнія гады паэт выдаў некалькі кнігаў вершаў, а таксама дзіцячыя кніжкі.
шэптам
Прыкшчуся нанач
да шэптам вымаўленага
слова Радзіма,
што ў Бога вымалена...
Што ў злачасіну
было затулена —
крылом Страціма,
душой матулінай.
Натхненьне
Як цеціва, страла і лук,
як з ноты вызвалены гук,
як палімпсеста тайнадрук,
як варажба цыганскіх рук,
як аральля і гостры плуг,
як жырандоля і жаўрук —
Натхненьне.
класіка
— Мой родны ліфт,
як ты мне мілы... —
шапчу, вярнуўшыся з дарог.
Паэтам дадзеныя крылы,
іх выбірае з лепшых Бог.
У неба месячных падстрэшках,
як вераб’і, анёлы сьпяць...
Пакуль паэты пішуць вершы —
паэтам дадзена лятаць!
Нічога
Паміж намі нічога няма.
Ні каханьня, ні здрады — нічога.
І завея — як цень ад крыла
херувіма — пасланьніка Бога.
Ён у нашыя сны заляцеў
і прымусіў паверыць дазваньня,
што як хваля на ціхай вадзе,
узьнікае з нічога Каханьне.
Жарсьць
Мой грэх сьмяротны — гэта ты.
Я так кахаў цябе аддана —
да першароднай яснаты
на дне сьвітальнага тумана.
Мой грэх сьмяротны — гэта ты.
Я так хацеў цябе бязбожна, —
як хоча грэшніцу сьвяты
схіліць на праведнае ложа...