

Калі Вы хочаце
рэгулярна атрымліваць
MAkAsIN, калі ласка
паведамляйце нам на
hazeta@gmail.com
.gif)
Першае траўня традыцыйна адзначаецца ў Беларусі, як свята працы. Але што такое свята працы?
Cтаражытныя кельты адзначалі ў гэты дзень свята агню. Падобныя святы былі і ў іншых народаў. Менавіта таму, спрабуючы выкараніць паганскія традыцыі, каталіцкая царква рашуча змагалася супраць гэтага свята, паставіўшы яго фактычна па-за законам. Але будучы не ў стане перамагчы паганскія святы, царква ўдала падмяніла іх новымі. Гэта датычыцца і свята, якое адзначалася 1 мая.
Цікава, але гісторыя 1 мая пачынаецца ў Амерыцы з забастоўкі і дэманстрацыі чыкагскіх працоўных 1886 года. Становішча пралетарыяту ў тыя часы было вельмі складаным. Так, паводле дадзеных заключэння Бюро працоўнай статыстыкі ЗША, прадстаўленага Кангрэсу, сярэдні кошт жыцця складаў 720 даляраў на год, а сярэдняя зарплата працоўных – толькі 300, прытым працягласць працоўнага дня была 11-12 (часамі нават 15) гадзін. Адносіны дзяржавы да працоўных яскрава паказаныя ў выснове ў канцы гэтага заключэння: “Людзі павінны паміраць, каб квітнела індустрыя”...
1 мая ў Чыкага распачалася забастоўка з патрабаваннем усталявання 8-гадзіннага дня працы. У той час Чыкага быў цэнтрам працоўнага руху ў Амерыцы. Паліцыя атакавала забастоўшчыкаў, у выніку 6 працоўных загінулі. На наступны дзень адбылася грандыёзная дэманстрацыя. Тысячы працоўных выйшлі на вуліцы горада, каб запратэставаць супраць паліцэйскага насілля. Паліцыя была добра падрыхтавана да акцыі. Але нечакана ў натоўп паліцэйскіх паляцела бомба. Некалькі чалавек загінула. Улады горада Чыкага абвінавацілі ў тэрарыстычным акце актывістаў прафсаюзнага руху. У той час сярод прафсаюзных дзеячаў былі вельмі распаўсюджаны анархісцкія ўплывы. Гэтым і скарысталася пракуратура, каб прадставіць арыштаваных працоўных актывістаў, як мацёрых тэрарыстаў, плануючых з дапамогай бомбаў разбурыць ненавісную дзяржаўную машыну. Судовы фарс які адбыўся некалькі месяцаў пасля ўвайшоў у гісторыю як адна з ганебных плямаў на твары амерыканскага правасуддзя. Льюіс Лінг, Альбэрт Парсанс, Адольф Фішэр, Аўгуст Шпіс і Георг Энгэль былі прыгавораны да смяротнага пакарання. Прыгавор тэрмінова быў выкананы. У 1889 годзе паседжанне Першага Інтэрнацыяналу прыняло рашэнне адзначаць 1 мая як свята міжнароднай салідарнасці працоўных у барацьбе за свае правы. З таго часу і па сённяшні дзень – Першамай свята працоўных.
На тэрыторыі Расійскай Імперыі (у склад якой уваходзіла Беларусь (у тыя часы) гэта свята было ўпершыню адзначана ў 1890 годзе ў Варшаве 10-тысячнай стачкай. У гэты ж дзень дэманстрацыі і забастоўкі прайшлі ў Аўстра-Венгрыі, Бельгіі, Германіі, Іспаніі, ЗША, Нарвегіі, Францыі, Швецыі, Англіі (у нядзелю 4 мая). У 1891 годзе у Санкт-Пецярбургу прайшла першая маёўка, якую ўзначаліла сацыял-дэмакратычная група Бруснева, а з 1897 года свята пачынае адзначацца масава і набывае палітычны характар. У 1917 прайшло першае афіцыйнае святкаванне 1 мая, а ў 1990 – апошняе.
На працягу ўсёй гісторыі Першамай спрабавала выкарыстаць у сваіх мэтах дзяржаўная улада. У СССР, і нават у фашысцкай Нямеччыне, гэтае свята адзначалася з вялікім размахам за якім улада хавала поўную безабароннасць працоўных перад дзяржавай. Але і тады і цяпер былі людзі для якіх Першамай заставаўся і застаецца тым, чым ён быў з самага пачатку тым чым ён ёсць на самой справе – Святам Барацьбы. Вось чаму мільёны людзей па ўсёй планеце выходзяць у гэты дзень на вуліцы, удзельнічаюць у мітынгах і дэманстрацыях.
Ульляна Полацкая