Skip to main content

«Полацкі Сшытак» – Выданне Першае!

Першы ў гісторыі Полаччыны фестываль фолк-музыкі «Полацкі сшытак» стаў сапраўдным адкрыццем і выклікаў шчырую падтрымку не толькі з боку гледачоў, але і музыкантаў. Сапраўды, па самабытнасці і рознапланавасці музычных жанраў, гэты музычны форум заінтрыгаваў яшчэ задоўга да свайго пачатку. Квіткі на канцэрт разышліся за паўгадзіны да пачатку і не ўсе жадаючыя трапілі на фестываль.

21 лютага на сцэне полацкага Гарадскога Палаца Культуры нара-дзіўся новы фолк-фестываль, які, цалкам верагодна, стане пачаткам добрай традыцыі падобных мерапрыемстваў.

«Ідэя фэста паўстала даўно, – кажа дырэктар фестывая «Рок-Кола» Сяргей Анішчанка, – яго ідэйным натхняльнікам стаў Уладзіслаў Андрэйчанка, генеральны дырэктар Віцебскага філіяла кампаніі МТС. Менавіта ён упершыню прапанаваў нам зладзіць фолкавы форум».

Сяргей Анішчанка мае найлепшую рэпутацыю ў фестывальных колах і таму «Полацкі сшытак» прыехалі падтрымаць адны з самых
сур’ёзных фольк-гуртоў Беларусі – Акана, Стары Ольса, Нагуаль, Палац і пераможца былога «Рок-Кола», расійскі гурт «Абвиотура». Удзел такіх вядомых каманд у «Полацкім сшытку», гэта хутчэй сяброўскі крок, а не камерцыйны, бо, нягле-дзячы на поўную залу, фінансы застаюцца слабым месцам беларускіх культурных праектаў.

У жанравай капілцы фэсту змесціліся такія стылі, як фолк-джаз, які прэзентавала полацкаму гледачу Рок-князеўна Руся са сваім новым праектам «АКАNА-NHS», этна-фолк, фолк-кор і нават этна сюрэалізм, якім парадавалі слухачоў менскія госці з гурта «Нагуаль».

На прэс-канферэнцыі гурты-удзельнікі адзначылі важнасць праекта ў першую чаргу для захавання і папулярызацыі нацыянальнай культуры. «Праводзіць фолк-фэст сапраўды еўрапейскага ўзроўню – вялікая адказнасць, і Полацк як мага лепей падыходзіць да ролі культурнай сталіцы Беларусі» – адзначыў лідэр гурта «Палац» Алег Хаменка. Галоўны «Стары Ольса» Зміцер Сасноўскі звярнуў увагу на той факт, што з арыгінальных 210 твораў, змешчаных у зборніку «Полацкі Сшытак», толькі 18 распрацаваныя сучаснымі музыкамі, і гэта добрая глеба для працы.

«Калі мы называем Полацк культурнай сталіцай Беларусі – мы маем для гэтага падставы, – кажа арганізатар фестываля Зоя Красавіна, – з дапамогай «Полацкага Сшытка» мы імкнемся не толькі захаваць вялізны культурны пласт, але і прыцягнуць увагу да сучасных музычных брэндаў, якія карыстаюцца папулярнасцю не толькі на Беларусі, але і за яе межамі».

А пасля распачаўся пяцігадзінны фолк-марафон, які не даў аніводнай падставы для абыякавасці гледачоў. Адкрыў фестываль гурт «АКА-NА-NHS» – меладычны, насычаны этнічнымі во-бразамі. Рок-князёўна Руся не імкнулася «падняць» залю, наадварот, мелодыка і рухі прыгожых салістак нібыта гіп-натызавалі вербальнымі сімваламі архаічных беларускіх спеваў у джазавым выкананьні. А вось «Стары Ольса» проста «парваў» гледачоў сваімі вядомымі хітамі «Ліцьвін» і «У карчме», задаўшы добрую энергетыку, якую адразу падхапілі «этнічныя сюрэялісты» з «Нагуалю». Дынамічна, прыгожа, меладычна і шчыра падзяліліся з полацкай публікай музыкі сваёй энергетыкай і імпэтам. А вось расейскі гурт «Абвиотура» прадэманстраваў прыклад сапраўднага сучаснага «фолк-шаманства», для кагосці можа і трохі «цяжкаваты», але энергетычны і драйвовы. Стыль «Абвиотуры» – спалучэнне сучасных рок-аранжыровак з аўтэнтычнымі народнымі сэмпламі.

Ну а сапраўдны мэтр нацыянальнага фолк-мэйнстрыму, гурт «Палац», зноў даказаў неўміручасць фолкавай традыцыі, нават у сучасным выкананьні. «Музыкі, што ўзялі ўдзел у фэсце сталі своеасаблівымі «Хроснымі бацькамі» фестывалю, – падкрэсліў Алег Хаменка са сцэны Гарадскога палаца культуры, – безумоўна, я лічу, што менавіта Полацк павінен прыняць рокавыя і фолькавыя фестывалі, бо суседні, Віцебск, узяў на сябе больш папсовую сцэну. З другога боку, беларуская дзяржаўнасць пайшла менавіта з гэтай зямлі. Тут кожны камень, кожная рачулка – гэта гісторыя, гэта – святое. І мне хацелася б, каб гэты фестываль стаў міжнародным».

Фестываль скончыўся, яго арганізатары і ўдзельнікі падводзяць вынікі працы, галоўным з якіх стаецца спадзяванне, што добрая традыцыя, распачатая на Полаччыне, знайшла водгук у сэрцах гледачоў і працягнецца надалей.

Сяргей СТАХОЎСКІ (тэкст і фота)

Premium Drupal Themes by Adaptivethemes