Skip to main content

«Святое Кшчэнне ваду ксціла... свет ачысціла і ваду наверх пусціла»

Вадохрышча (Хрышчэнне, Кшчэнне, Богаяўленне) – апошняе свята каляднага цыклу. Гэта быў дзень завяршэння Калядаў (19 студзеня н. ст.).

Хрысціянская рэлігія звязвае Вадохрышча з хрышчэннем Ісуса Хрыста Іаанам Хрысціцелем на рацэ Ярдані са з'яўленнем усіх асобаў Святой Тройцы. На Вадохрышча ў храмах адбываецца асвячэнне вады, якую некалі бралі з бліжэйшага вадаёма (у гэты дзень усе вадасвятныя месцы называліся “Ярданямі”).

Пры асвячэнні вады на Усходнім Палессі ставілі кругом маладыя ялінкі, каб закрыць святую ваду ад усялякае нечысці, а іх галінкі потым падкладвалі пад “курэй-квахтух”, каб было болей куранят, ці ўторквалі ў страху, каб туды не ўдарыў пярун. Ліхіх духаў на “Ярдані" адпужвалі таксама стральбою з ружжаў.

Яшчэ з дахрысціянскіх часоў верылі ў цудадзейную моц асвечанай вады, захоўваючы ў доме, як і асвечаныя купальскія зёлкі: яе давалі выпіць хвораму; апырсквалі свойскую жывёлу; садовыя дрэвы, калі яны не давалі пладоў; поле перад сяўбою дзеля ўрадлівасці; новую хату перад засяленнем і гаспадарчыя пабудовы; пчальнікі і вуллі; труну перад тым, як пакласці ў яе нябожчыка, і выкапаны дол на могілках.

Найбольш уздзейнай лічылася вада, узятая з трох, а яшчэ лепей з сямі "Ярданяў", дзеля чаго пасылалі людзей у розныя месцы. Казалі, хто першы зачэрпне святой вады і вернецца дамоў, той першы збярэ з поля сваю збажыну. Разабраўшы ваду, неслі яе дадому, а потым паілі з палонкі коней. Смельчакі купаліся ў палонцы да ўсходу сонца, каб цела было бялейшае і каб ачысціцца ад грахоў. Пры адсутнасці рэк ці азёраў бралі ваду з калодзежаў, апусціўшы туды крыжык, зроблены з лучыны, які потым вешалі на варотах ад ведзьмаў. Пяклі крыжыкі з цеста і елі іх. Напярэдадні Вадохрышча сяляне пераварочвалі вазкі і сані, бо ў гэты час нібыта павінны прыходзіць вадзянікі, каб за ўвесь наступны дзень, пакуль асвечаную ваду не знясе плынь, вывезці сваіх дзяцей, якія могуць загінуць ад апускання крыжа ў ваду. З асвечанай вады ўцякае і чорт, перасяляючыся на вярбу аж да яе асвячэння на Вербніцу.

На Вадохрышча ў некаторых месцах, у мінулым, рабіліся агледзіны. Прыбраныя дзяўчаты гулялі каля Ярдані або на беразе, а хлопцы выглядалі сабе нявест. Яшчэ сустракаўся такі звычай, калі на Водахрышча дзяўчаты з навакольных вёсак з'язджаліся ў вялікае сяло. Убор кожнай складаўся з некалькіх кашуль. Ніжняя была з двума чырвонымі палосамі, на яе апраналі яшчэ чатыры або пяць размалёваных кашуль, тры або чатыры фартуха, вышытых як кашулі. Зверху апранаўся кажушок. Пасля Ярдані дзяўчаты прыходзілі да царкоўнай агароджы, а адна з жанчын (абраная некалькімі жаніхамі) рассоўвала ім полы кажушкоў, паказвала фартухі, кашулі (да ніжняй з чырвонымі палосамі), а жаніхі судзілі аб уменні нявесты ткаць, шыць, вышываць, а таксама, і аб яе матэрыяльным забеспячэнні. "Водахрышчэнскія змовіны - да шчаслівай сям'і", - казалі ў народзе.

На Вадохрышча дзяўчаты варожачы на суджанага, пералічвалі калы ў плоце ("кол, каліца..."); з куццёю ў роце беглі на вуліцу і пыталіся ў першага стрэчнага імя. Існавала шмат прадказанняў будучага надвор'я і ўраджаю. На Вадохрышча звычайна прыпадалі самыя вялікія маразы, пасля якіх зіма паступова паварочвалася на лета. У народзе казалі: "Трэшчы не трэшчы, прайшлі Вадахрэшчы - не к Ражству, а к Пятру", маўляў, больш маразоў ужо не будзе. Вадохрышча было днём, па якім арыентаваліся ў вызначэнні будучага надвор`я ("На Вадохрышчы вельмі сцюдзёна - у жніво вельмі горача"), спрабавалі прадказаць і якасць будучага ўраджаю ("На Вадохрышча дзень цёплы - будзе хлеб цёмны"). Народныя прыкметы не падманваюць і сёлета - пад Вадохрышча – прыйшлі адпаведныя маразы. Але сыходзіць нешта яны пакуль не збіраюцца J

Ульляна Полацкая

 

Premium Drupal Themes by Adaptivethemes