Skip to main content

ВЯСЕЛЬЛЕ: ТРАДЫЦЫІ І СУЧАСНАСЬЦЬ

Адкрыццё выставы «Вясельле: традыцыі і сучаснасьць» адбылося 14 кастрычніка – на свята Пакроў. Раней казалі, што зіма закрывае лета, а Бог пячатае зямлю пасля Пакрова, і да вясны ніхто не можа знайсці скарбаў.

На Віцебшчыне існаваў звычай пячы на свята пірог і абыходзіць з ім усе гаспадарчыя будыніны, прыкладаючы да кожнае страхі, каб буры, што пачынаюцца ад Пакрова, не разбуралі стрэхі.

З гэтага дня пачыналiся вяселлi, лiчылася, што Пакроў – спрыяльнае свята для шлюбу. У гэту вясельную пару хлопцы па вёсках выглядалі сабе нявест, а тыя напярэдадні Пакрова варажылі на замужжа. На Брэстчыне набіралі ў хвартух апалае лісце і пасля вытрасалі з прыполу – куды вецер панясе, туды і замуж ісці. У іншых мясцінах пяклі салёныя блінцы і перад сном з’ядалі, задумваючы, каб сасніўся і напаіў той, хто наканаваны лёсам. Як сцвярджала прыказка: «Ад Пакрова ўжо дзеўка гатова». З марамі пра замужжа дзяўчаты прасілі святы Пакроў пакрыць іх галаву вянком (чапцом): «Пакравы прыйдуць – дзеўцы галаву накрыюць». Калі ж вяселле на гэты раз абмінала хату, то «Праходзіць Пакрова – раве дзеўка, бы карова».

Выставу ладзіць РГМА «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства». Арганізацыя займаецца захаваннем, развіццём беларускай традыцыйнай культуры; а атксама папулярызацыяй каштоўнасцяў традыцыйнай культуры ў маладзёжным асяроддзі.

На выставе прадстаўлены прадметы сучасныя, аўтэнтычныя, а таксама зробленыя на замову паводле мясцовых традыцый.

Куратар і дызайнер выставы: Клепікава Святлана.

Творчая група: Сухая Наталля, Мазюк Ірына, Наста Глушко, Дзядовік Вольга.

Выставай «Вясельле: традыцыі і сучаснасьць» хацелася паказаць, як цудоўна і прыгожа ўжываюцца сучаснасць і старажытнасць. Як на аснове этнаграфічнага матэрыялу цалкам магчыма стварэнне адметнага нацыянальнага стылю. Сумна гля-дзець на сучасныя вясельныя абрады, што згубілі свой першасны сэнс, пераняліся з замежжа (кіданне букетаў у натоўп і г. д.)

Гасцінна запрашаем у Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я!

Выстава працуе штодня, акрамя панядзелка з 10:00 да 17:00

Пакроўскія прымхі і забабоны

• Лічылі, што калі на Пакрову вытапіць печ яблыняй, то ў хаце ўсю зіму будзе цеплыня.

• Да Пакрова ў хаце мылі, чысцілі, прыбіралі, наводзячы парадак. Рыхтаваліся пачастункі з пладоў новага ўраджая, варылі мёд, брагу.

• Пакроў – апошні дзень збору пладоў і грыбоў: груздоў і рыжакоў.

• Каб зберагчы дзяцей ад прастуды, перад Пакровам іх аблівалі на парозе хаты вадою скрозь рэшата.

• На Пакрову да абеду восень, а пасля абеду – зіміца-зіма.

• Калі на Пакрову вецер падзьме з усходу, то зіма будзе халодная.

• Калі на Пакрову вецер дзьме з поўдня, то да цёплай зімы, калі з
поўначы – да халоднай.

• Калі ліст з дуба і бярозы на Пакрову зваліцца чыста – да лёгкага году, а не чыста – да строгай зімы.

• Пакрова зямлю накрые дзе лістом, дзе сняжком.

• На Пакрову зямля снегам пакрываецца, марозам апранаецца.

• Калі на Пакрову выпаў снег, то і ў Зміцераў дзень (8 лістапада) будзе абавязкова тое ж.

• Пакрова наголе, то і Кацярына наголе (7 снежня).

• Адлёт жураўлёў да Пакровы – на раннюю, халодную зіму.

• Пакроў, напалі хату без дроў!

• Захапі цеплыні да Пакровы (адчыні хату).

• Паміж Пакровай і бацькоўскай суботай (8 лістапада) зіма становіцца.

• Пачакай да Пакровы, увесь доўг выплачу.

• Пакрова – час пачатку вячорак.

• Пакрова – заступніца вяселляў.

• Прыйдзе Пакрова, дзеўцы галаву пакрые.

• Калі на Пакрову ветрана – будзе вялікі попыт на нявест.

• Калі на Пакрову выпадзе снег, то гэта прадвесціць шмат вяселляў.

• Белы снег зямлю пакрывае, ці не мяне, маладу, замуж рыхтуе.

• Весела Пакрову правядзеш – дружка знойдзеш :)
Ульляна Полацкая

 

Premium Drupal Themes by Adaptivethemes