Skip to main content

З гісторыі рок-фэстаў Беларусі

Мн, 2008, «БМАgroup». Скарочана

Перадгісторыя

Няцяжка заўважыць, што ў музычным сьвеце існуе два асноўных рухавіка творчае ініцыятывы: шоў-бізнэс і фэстывалі. Яны часам ідуць поруч. А часам супярэчаць адно аднаму. Нават у краінах з трывалай бізнэс-ініцыятывай рок-фэстаўскі рух станавіўся лягічным сродкам барацьбы супраць засільля стандартных фарматаў у мас-культуры. Бадай, каб ня ўзьнікла ідэя «Вудстока» у 1969-м, мы б дагэтуль перажывалі фэномэн бітламаніі. А «Вудсток» падарыў сьвету фэномэн LED ZEPPELIN, ФЭНОМЭН Джымі Гендрыкса…

Дарэчы, але ў нас, у Беларусі, есьць каму ганарыцца ня толькі актуальна падхопленай ідэяй рок-фэстаў, а нават тым, што ў Менску традыцыя гэтага руху ўзьнікла за год перад «Вудстокам»… У 1968 годзе ў актавай залі радыётэхнічнага інстытуту праходзіў «Першы беларускі біт-фэст» (так гэта тады называлася). Чаму мы апынуліся ў авангар-дзе? Ды акурат ад немагчымасьці тады стварыць нейкую прыватную ініцыятыву ў шоў-бізнэсе. Калі на бізнэс татальна «наклала лапу» дзяржава, дык заставалася хоць магчымасьць творчае самарэалізацыі на вольным фэсьце. З тых першых ініцыятываў потым вырасла нямала творчых адкрыцьцяў, найгалоўнейшае зь якіх – вялікія ПЕСЬНЯРЫ, чый брэнд дагэтуль бессаромна эксплюатуюць тыя, хто ніякага дачыненьня ня меў да сапраўдных ПЕСЬНЯРОЎ.

Пачатак руху

Праўда, вольная сцэна пры камуністах – гэта таксама фігуральная рэч. У 1970/80-я гады нават закон аб фэстывалях моладзевай песьні неаднарозова мяняўся. І ня толькі таму, што само слова rock было пад забаронай, але й таму, што ініцыятыва заўсёды несла пагрозу тата-літарнай сыстэме ўлады. Быў нават закон, што фэст рэспубліканскага ўзроўню можа праводзіцца не часьцей за раз на два гады. Вось так і было: у 1981-м лідзкія аматары року арганізавалі буйны рок-фэст «Лідзкі кірмаш», першы; а ў 1983-м прайшоў… не, не другі, а апошні. Беларуская ўлада спалохалася, што і ў нас вынікам фэсту стане стварэньне вольных аргнаізацыяў і выдавецкіх структураў, як у адносна вольнай тады Польшчы з дзясяткам незалежных фірмаў… Дый нават у «нашым савецкім» Піцеры, дзе акурат тады зарэгістраваўся піцерскі рок-клюб, быў заснаваны штогадовы фэст «Рок над Нявой», распачалося тыражаваньне альбомаў без усялякіх фірмаў «Мелодия», а простым шляхам магнітафонных шпуляў пад брэндам «Антроп» (студыя Андрэя Трапілы).

У беларусі першымі «нарэзчыкамі» такіх альбомаў сталі гурты ПАНІ БРАТ, СУЗОР’Е, Уладзімір Зайчанка, а потым МРОЯ, БОНДА, БЛІЗЬНЯТЫ, полацкія РОКАШ, ДЗІДА, МЯСЦОВЫ ЧАС. Менавіта для іх прыдумалі закон абмежаваньня творчых сустрэчаў, але розныя раённыя дамы культуры гнілі ад самоты і праглі ініцыятывы. І ў той жа год, калі ў Лідзе быў задушаны «Лідзкі кірмаш», у салігорску ўзьнік фэстываль «Юнацтва Палесься’83», пра які пісала нават рэспубліканская прэса….

Калі «Лідзкі кірмаш» так і не пакінуў у памяці нашчадкаў ніякіх імёнаў, то арганізатарам «Юнацтва Палесься» нечакана стукнуў у голаву дзіўны «бзік»: увесьці ва ўмовы конкурсу апрацоўку якога-небудзь беларускага песеннага стандарту ў сучасным стылі (а лідчане ж нават забылі, што мы былі хоць і савецкімі, але беларусамі). І менавіта на «Юнацтве Палесься’83», відаць, прагучалі першыя акорды беларускага року…

Жывучасьць новае традыцыі разгарнулася ў цэлай плыні нацыянальна арыентаваных гуртоў, якія ў 1985 годзе сабраў менскі рок-клюб «Няміга» пад кіраўніцтвам маладога журналіста Анатоля Мяльгуя. Найбольш важкім дасягненьнем гэтае структуры стала права на свае рэгулярныя клюбаўскія фэсты. І ўжо ў красавіку 1986-га першы нацыянальны рок-фэстываль «Тры колеры», на якім вытсупілі тры кіта нацыянальнай рок-плыні таго часу: поп-рокавы МІНСК, гітарна-блюзавы new wave БОНДЫ і нават авангардны heavy-metal МАГІСТРАТ…
Выпадковае супадзеньне даты фэсту з чарнобыльскай трагедыяй стала прычынай невытлумачальнае рэакцыі з боку ўладаў: сьпешна сагнаныя камісіі камсамольскіх адмыслоўцаў за некалькі гадзінаў ператварылі трохдзенны фэст у пару сьціплых канцэрцікаў…І сьвята адбылося, паклаўшы пачатак новае – нацыянальнае – традыцыі ў маскульце.

Канец пачатку?

Пра той фэстываль, аднак, забаранілі згадваць у прэсе. Тым ня менш, выкінуты «Чырвонай зьменай» рэпартаж… выходзіць у Польшчы, у Літве. Асабліва заціка-віліся падзеяй польскія беларусы, якія пільнавалі кожны нюанс распачатага змаганьня за жыцьцё новае ініцыятывы.

А змаганьне было рэальнае, бо ледзь рок-клюб «Няміга» ачомаўся ад першых чарнобыльскіх стрэсаў, палымяны прапагандыст партыйнае прэсы Д. П. разграміў «праклятых нацыяналістаў мала-дзежнай песьні » ў газэце «Советская Белоруссия». Гэта было накшталт удару параненага пад дых. Вынікі сталіся адпаведными: рок-клюб пазбавілі памяшканьня, многія творчыя сілы сыйшлі ў падпольле, з’ехалі з краіны, але… кантакты захаваліся і ў 1988 годзе адбыўся другі фэстываль неіснуючага ўжо рок-клюбу «Няміга»… На фэсьце ўпершыню пабывала й дэлегацыя польскіх беларусаў, якія ведалі беларускі рок паводле сталай рубрыцы ў беластоцкім тыднёвіку «Ніва» – «Молада, сучасна. Па-беларуску», якую зь дня заснаваньня рок-клюбу «Няміга» вёў ваш сьціплы сябра В. М.

Польскія беларусы ўжо тады зьвярталі ўвагу, што ўлада заўсёды «падсоўвае» мясцовым арганізатарам якіх-небудзь іншамоўных артыстаў, тлумачаўшы ўсе «ідэяй пралетарскага інтэрнацыяналізму». І гэта зноў пайшло на лепшае: занепакоеный праблемай, польскія беларусы задумалі самі арганізаваць цалкам нацыянальны беларускі рок-фэст у Польшчы.

У 1990 г. яшчэ неяк удалося «зграмазьдзіць» трэці фэст «Тры колеры» ў Менску, хоць адбывалася гэта пад пільным антынацыянальным зрокам рупараў сыстэмы, і на ім выступілі сапраўдныя зоркі МРОЯ, МЯСЦОВЫ ЧАС, РЭЙ і… нечаканы выбух аскепкаў былой БОНДЫ, які ўзяў назву ULIS, а ў Польшчы тым часам наваствораны «БАС» «заварваў» новую ініцыятыву, якую потым і праз 20 гадоў будуць нязьменна называць «БАСовішча»

Трывалы разьбег

Месца для «БАСовішча» выбралі не найбольш прэстыжнае – нейкую паляну у ваколіцах лесу пад мястэчкам Гарадок, але яна на дзесяцігодзьдзі стала адным з найбольш уплывовых турыстычных брэндаў усходняе Польшчы, забяспечаным унікальным і найбольш стабільным мас-культ-стварэньнем у масштабах сусьветнага рок-руху…

Але гэта не назначае, што ўвесь нацыянальны беларускі рок-рух замкнуўся на замежжы. Традыцыя нацыянальнах рок-фэстаў, хоць і разбаўленая прынцыпам «какая раздніца на яком языке», працягвалася ў самой Беларусі.Найбольш буйной традыцыяй пачатку 1990-х стаў гарадзенскі «Рок-крок», дзе «зьзялі» сталічныя зоркі БОНДА, РЭЙ, ULIS, полацкі МЯСЦОВЫ ЧАС, а вядучым быў унікальны артыст, шоўмэн Віктар Шалкевіч, які потым стане зоркай беларускага кабарэ, бацькам «бруднага беларускага блюзу»…. З верасьня 1993 ўзьнік новы фэст у той жа Польшчы «Бельская бардаўская восень», стаўшы таксама доўгатрывалай традыцыяй…

Шчыльнае беларускае замежжа, аднак, не замінала ўнутранаму беларускаму развіцьцью. Ад 1992 году пад слаўным горадам Ворша з рознай пасьпяховасьцю праводзіцца буйны бардаўскі фэстываль з сымбалічнай назвай «Аршанская бітва», на якім зьзялі такія славутыя імёны жанру, як Андрэй Мельнікаў, Віктар Шалкевіч, Вальжына Цярэшчанка, Лера Сом; які адкрыў такіх унікумаў, як Зьміцер Бартосік, Лана Медзіч і, нават, мастака Алеся Пушкіна.

Яшчэ адной маштабнай традыцыяй стаў полацкі пагодак «БАСовішча» – фэстываль «Рок-кола», які стаў трамплінам для творчага рыўка такіх гігантаў нацыянальнага року, як МЯСЦОВЫ ЧАС, РОКАШ, Ален і БРАТКІ, ДЗІДА (усе з Полацку), а таксама віцебскіх ГРАМАДЫ ды АЛМАЗНАГА ФРОНТУ, менскага TESAURUS., маладэчанскага НАРРY FACE…

Пэрспэктывы

Пры амаль поўнай адсутнасьці сур’ёзнага шоў-бізнэсу ў Беларусі, акурат на такіх фэстах усталяваўся прэстыж самога брэнда беларускі рок. Нашыя гурты становяцца зоркамі такіх знакавых эўрапейскіх фэстываляў, як «Oerol» у Галяндыі (TPOITSA), «Rawa – Blues» у Польшчы (КРАМА і P.L.A.N.), «Be2gether» ў Літве (N.R.M.).

А з 2007 году нацыянальную ідэю «БАСовішча» ў Польшчы падтрымала Украіна, правёўшы ў Луцку першы, а праз год у Львове другі фэстываль беларускага року… Найважнейшае, што таксама наўзор «БАСовішча» украінскі фэст умацоўвае й міжнародныя кантакты альтэрнатыўных музыкаў.

Вяртаймася ў сям’ю эўрапейцаў, беларусы-ліцьвіны-крывічы, скідаючы ярмо homo sovieticus’a!
Вітаўт МАРТЫНЕНКА, музычны крытык

 

Premium Drupal Themes by Adaptivethemes