

Калі Вы хочаце
рэгулярна атрымліваць
MAkAsIN, калі ласка
паведамляйце нам на
hazeta@gmail.com

Беларускі сусветнавядомы мастак Марк Шагал, для якога Парыж стаў больш чым «другі Віцебск», добра вядомы як скульптар, керамік, майстар мазаік і габеленаў, але больш за ўсё як майстар вітража. Свае вітражныя работы ён ствараў не толькі для французскіх сабораў, але і для храмаў Рэймса, Цюрыха, Майнца, будынкаў ААН у Нью-Ёрку, сінагогі Медыцынскага цэнтра ў Іерусаліме, гатычнага сабора ў Мецы.
А вось вялікую частку графічных работ мастака складаюць ілюстрацыі да «Мёртвых душ» М. Гогаля, «Баек» Ж. Лафантэна, казак «Тысяча і адна ноч» і іншых выданняў.
Але Марк Шагал пакінуў ня толькі значную мастацкую спадчыну, але і літаратурную – дзённікі, лісты і вершы.
КАРАБЕЛЬ
Усе дзьве тысячы гадоў
расьсейвалі мяне,
але на ўзрост
мая краіна маладая.
Юнак – мой сын Давыд.
Я кленчу даўніне
і зоры на шчыце Давыдавым шукаю.
Прарокі паўзь мяне
бясшумна праплылі.
Давыд сьвітае –
чую подых і праменьне.
Дзьве тысячы гадоў
на небе, на зямлі
сьлязьмі цябе чакаў,
краіна захапленьня.
Як Якаў, спаў глыбока
і сасьніў я сон:
анёл па лесьвіцы
мяне ўздымае ўгору,
і душы згаслыя наўкол,
зьнябыўшы скон,
узносяць сьпеў
у нечувалую прастору.
Сьпеў пра Ізраіль новы
і пра тыя ўсе
дзьве тысячы гадоў
расьсейваньня бяз жалю.
І пра Давыда –
сына ў сонечнай расе.
Чым Бах і Моцарт,
саладзей яны сьпявалі.
ЦЯПЕР
Усе мае дні
я шмат маліцца ня змог.
Дзе ён?
Як ён, мой Бог?
Ты чуеш, бачыш мяне?
Я хацеў цябе клікаць,
налямантавацца ўсмак,
я, проста жабрак.
Цяпер я стары,
час мяне змог.
Ты падымеш мяне да сябе,
мой Бог.
САД
Вечар. Сад,
асьветлены поўняй. І ты,
легенда. Лагодны дотык
мілаты.
Ты пацалуеш мяне,
абдымеш мяне, ці,
магчыма, мне загадаеш
адсюль пайсьці.
Лагодны дотык прадоньня.
Закаханы прыходзіць сёньня,
водарам сада напоўнены,
малады.
Як тады…