Skip to main content

Уваход для карыстальнікаў

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

Навігацыя

Калі Вы хочаце
рэгулярна атрымліваць
MAkAsIN, калі ласка
паведамляйце нам на
hazeta@gmail.com

«Дазвольце калядаваць – дом вяселіць!»


У дні святых калядак, якія ідуць зараз, пачынаючы ад Раства Хрыстова і заканчваючы Хрышчэннем, якое будуць святкаваць праваслаўныя вернікі 19 студзеня, прынята хадзіць у госці, жадаць шчаслівых дзён у новым годзе. У кожным рэгіёне Беларусі калядаваць прынята па-рознаму, аднак усюды Каляда прыносіць у хату багаты ўраджай, сямейнае шчасце і добры настрой на ўвесь год.

Сама традыцыя Калядаў цягнецца ў далёкі дахрысціянскі перыяд, калі нашыя продкі пачыналі адзначаць пачатак павелічэння самага кароткага дня. З усталяваннем хрысціянства свята было прымеркавана да Раства Хрыстова.

Каляды на Беларусі шчыльна звязаныя з народнай святочнай традыцыяй. Святкавання прыходзіцца на перыяд з 24 снежня па 6 лютага.

Да Каляд у беларускай вёсцы рыхтаваліся загадзя. Кожная сям’я клапацілася аб пачастунку. Гаспадыня старанна прыбірала ў доме, а моладзь рабіла маскі. Рытуальную ежу – кашу з пшаніцы або ячменю – варылі раней за іншыя стравы і ставілі ў хаце на ганаровым месцы – «на куце». Адсюль і яе найменне – «куцця». Куццёй называлі ў шырокім сэнсе і ўсю святочную вячэру.

Перад першым святочным днём спраўляецца вялікая куцця, багатая з мяснымі стравамі – у вечар перад Новым годам і трэцяя, посная, перад Вадохрышчам. На ўсе тры куцці каша варылася ў адным гаршчку і з аднолькавай колькасці крупаў. Каштаваць такую ежу забаранялася да пачатку вячэры.

Падчас гулянняў наладжвалася калядаванне, варажба, спяваліся калядныя песні. У час Калядак праводзіліся хаджэнні. Ад даўніх часоў захавалася павер’е, што падобным рытуалам можна заручыцца падтрымкай багоў на ўвесь будучы год. Услаўляючы таго ці іншага гаспадара яму зычылі багацця, здароўя, дабрабыту.

Асаблівая ўвага надзялялася Казе. Лічылася, што з дапамогай гэтай жывёліны можна выгнаць з двара «нячысцікаў», а таксама разлічваць на добры прыплод жывёлы ў гаспадарцы і плённы здабытак ураджаю з сялянскай нівы. У групу калядных персанажаў маглі ўваходзіць таксама «дзед», «конь» ці «кабыла», «мядзведзь», «воўк», «жораў», «бусел», сарока», «салдат», «цыган», «доктар». Калядныя падарункі насіў «механоша».

Першым у хату ўваходзіў «дзед»-павадыр, які веў за сабой «казу». За імі ішлі музыка, механоша і ўся «світа». «Каза» становілася пасярод хаты, пры ёй павадыр, астатнія стаяць у парозе. Пахваліўшы гаспадароў, павадыр пачынаў дражніць кіем «казу», якая тут жа падала на зямлю, нібы памірала. Каб ажывіць казу, трэба было яе задобрыць: што-небудзь падарыць. Гаспадары не шкадавалі пірагоў, сала, каўбасы, бо, вядома ж, калядная «каза» – сімвалічны гарант добрага ўраджаю ў наступным годзе.

За савецкім часам Каляды, як і ўсе рэлігійныя святы, знаходзіліся пад забаронай. Дзякуючы «Беларускай майстроўні» традыцыя была адноўленая. У 1981 дзясяткі маладзёнаў з каляднай зоркай прайшлі па Ленінскім праспекце Мінска (цяперашні Незалежнасці), мінулі тэатр імя Янкі Купалы і павярнулі на вуліцу Карла Маркса.

Кульмінацыя адбылася ў дворыку дома, дзе жыў кумір тагачаснай нацыянальна арыентаванай моладзі Уладзімір Караткевіч. Моладзь паднялася на паверх, дзе месцілася ягоная кватэра і пазваніла у дзверы.

«Караткевіч выйшаў да нас, мы пачалі спяваць. А ў гэты час у двор заехалі два міліцэйскія «казлы». Міліцыянты думалі, што нас няшмат, таму сталі казаць, каб выходзілі па адным. Калі ж убачылі, што нас так шмат, ужо не ведалі, што з намі рабіць. А нашыя мастакі вырабілі перад тым значкі з каляднай зоркай, і цяпер пачалі прышпіляць ім гэтыя значкі, размаўляць з імі. Тады капітан, які кіраваў міліцыянтамі, з`ехаў з гэтымі двума машынамі. Тыя з нас, што былі наверсе ў Караткевіча, працягвалі калядаваць. Караткевіч некалькі разоў выносіў нам і віно, і цукеркі. А калі даведаўся, што нас унізе спрабуюць забраць, ён патэлефанаваў Барадуліну. І яны пасля званілі ў менскія пастарункі, каб высветліць, куды нас забралі, як нас выцягнуць з гэтай сітуацыі. Але нас, на шчасце, не забралі» – згадвае беларускі бард і журналіст Сяржук Сокалаў-Воюш.

Пры гэтым, мастак Гэнік Лойка ўдакладняе, яны ведалі, што рабілі. «Майстроўня», спявала па-беларуску, бо спевы на мове тытульнай нацыі ў брэжнеўска-машэраўскай Беларусі фактычна не сустракаліся. І гэтая імправізацыя была не толькі спробай ушанаваць традыцыі продкаў, але і своеасаблівай формай пратэсту супраць савецкай сістэмы.

Сення калядная традыцыя адраджаецца ў моладзевым асяродку як на вёсцы, так і ў горадзе. Таму нам застаецца пажадаць вам таксама далучыцца да гэтай цудоўнай дзеі, а таксама каб з дарогі не збіліся, каб цэлы век весяліліся, каб доўгія гады жылі, каб здаровыя былі!

Алена Пашкоўская

Premium Drupal Themes by Adaptivethemes